Ровенскаслабоцкі гісторыка-мемарыяльны музей «Памяць»

1 студзеня 2015 года ў структуру Рэчыцкага краязнаўчага музея быў уключаны Ровенскаслабодскі гісторыка-мемарыяльны музей «Памяць». Музей знаходзіцца ў аграгарадку Ровенская Слабада Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці (у 15 км ад раённага цэнтра г. Рэчыцы і ў 60 км ад абласнога цэнтра г. Гомеля) і размешчаны ў будынку, пабудаваным у 1947 годзе.

Экспазіцыя музея прадстаўлена ў 4 аддзелах, сярод якіх: «Гісторыя вёскі Ровенская Слабада», «Баявы і працоўны подзвіг жыхароў Ровенскаслабодскага сельсавета», «Беларуская Этнаграфія».

Асаблівае месца займае раздзел «Злачынствы фашыстаў на Гомельшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны», які ахоплівае трагічныя старонкі гісторыі нашага краю ў ваенныя гады.

Кадры нямецкай фотахронікі, успаміны жыхароў вёсак Ровенскаслабодскага сельсавета, вытрымкі з архіўных дакументаў, горкія і страшныя лічбы — усё гэта стала неабвержнымі фактамі, канстатуючымі здзейсненыя нямецка-фашысцкімі акупантамі злачынствы.